АНСЭ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ,

заключаны ў 1854—58 ЗША, Вялікабрытаніяй, Расіяй, Францыяй, Нідэрландамі з Японіяй у гады Ансэй [афіц. назва гадоў царавання (1854—60) імператара Камэй). Ансэйскія дагаворы паклалі канец больш як двухвяковай ізаляцыі Японіі ад знешняга свету; устанавілі свабоду гандлю замежных купцоў з Японіяй і ўключылі яе ў міжнар. рынак, далі іншаземцам права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі, пазбавілі Японію мытнай аўтаноміі, навязалі нізкія ўвазныя пошліны. Спробы ўрада Японіі скасаваць нераўнапраўныя для яе Ансэйскія дагаворы не мелі поспеху да 1894, калі былі заключаны новыя дагаворы з Вялікабрытаніяй і інш. дзяржавамі. У гандл. пагадненнях 1911 адменены апошнія абмежаванні мытнай аўтаноміі Японіі.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)